nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ДА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ АЎТАКЕФАЛІІ (Ч.2)

28 мая, 2006 | Няма каментараў

(з выданьня “Голас Царквы беларускай”, 2006 г., №24)

Пасля бальшавіцкага перавароту 1917 году япіскапы Беларусі баранілі Царкву ад бальшавіцкай бязбожнай улады і наступу аднаўленцаў і жывацаркоўнікаў. Менскім япіскапам у тую пару быў Мэлхісэдэк (Паеўскі).

Ён быў сапраўдным пастарам беларускага народу, здольным адміністратарам і карыстаўся вялікай павагай у народзе. Разам з беларускім праваслаўным актывам япіскап Мэлхісэдэк пастанавіў арганізаваць самастойную Праваслаўную Мітраполію, незалежную ад Маскоўскай Патрыярхіі. Па гэтай справе быў скліканы епархіяльны з’езд у 1922 годзе ў Менску. З’езд пастанавіў арганізаваць самастойную Беларускую Мітраполію, незалежную ад Расейскай Царквы. І дня 23 ліпеня 1922 года ў катэдральным саборы ў Менску пры ўдзеле мноства народу быў абвешчаны акт стварэння Беларускай Мітраполіі. Першым мітрапалітам быў абраны япіскап Мэлхісэдэк. Адначасова былі высвечаны тры новыя япіскапы: Мікалай – япіскап Слуцкі, былы настаяцель Слуцкага сабору прат.Мікалай Шамяціла; Ян – япіскап Мазырскі; Філарэт – япіскап Бабруйскі, былы прафесар Менскай Духоўнай Семінарыі Хвядос Раменскі. Такім чынам, у Беларусі была адноўлена Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ).

Акт абвяшчэння Аўтакефаліі Беларускай Мітраполіі быў сустрэты варожа савецкімі ўладамі. Лічачы мітрапаліта Мэлхісэдэка і саборнае духавенства за кіраўнікоў адроджанай Беларускай Царквы, бальшавікі скіравалі свой тэрор супраць іх у першую чаргу. Хутка пасля сабору ў 1922 годзе адбыўся першы пагром саборнага менскага духавенства. Усіх саборных святароў бальшавікі арыштавалі і абвінавацілі ў тым, нібыта яны схавалі царкоўныя каштоўнасці, якія павінны былі быць здадзены ўладам для дапамогі згаладаламу насельніцтву ў Расеі. Мітрапаліт Мэлхісэдэк знаходзіўся пад хатнім арыштам. Абвінавачванне было поўнасцю беспадстаўным. Усе каштоўнасці з цэркваў былі ўжо папярэдне канфіскаваныя савецкай уладаю. У цэрквах застаўся толькі посуд, неабходны для літургіі, замест якога былі здадзены ў патроенай колькасці хатнія рэчы са срэбра, сабраныя вернікамі па просьбе духавенства. Арыштаваных шэсць саборных святароў (у тым ліку і прат.Кіркевіча) бальшавікі пратрымалі некаторы час у турме, а пасля здзейснілі над імі публічны паказальны судовы працэс. Суд доўжыўся пяць дзён і меў на мэце ачарніць духавенства ў вачах народу. Народ выявіў вялікае зацікаўленне судом. Судовая зала і прылеглыя да суду вуліцы былі перапоўнены народам і спатрэбілася конная міліцыя для навядзення парадка. У адкрытым судзе савецкая ўлада не змагла давесці віны духавенства, суд апраўдаў падсудных. Хутка пасля гэтага мітрапаліт Мэлхісэдэк быў высланы з Беларусі на пасяленне ў Краснаярск, дзе ён прабыў некалькі гадоў. Пасля прыезду ў Маскву ён памёр падчас службы ў царкоўнай рызніцы пры загадкавых абставінах.

У працэсе барацьбы за Праваслаўную Царкву Бабруйскі япіскап Філарэт, нягледзячы на бальшавіцкі тэрор, прыбыў у Менск, дзе 9 і 10 жніўня 1927 года пад яго старшынствам адбыўся з’езд прадстаўнікоў ад духавенства і вернікаў. У сваёй адозве ад 1927 года з’езд гаворыць наступнае: “Адносіны кіруючых царкоўных колаў у Маскве да пытання самастойнасці Беларускай Мітраполіі насілі пераменны характар, набываючы то форму спагады (пры нябожчыку патрыярху Ціхану), то форму выразнай непрыхільнасці (пры ягоных намесніках). Прайшло сумнае пяцігоддзе, на працягу якога пытанне Беларускай Мітраполіі ня толькі не прасунулася да пажаданага канца, але ўскладнілася рознымі абставінамі царкоўнага жыцця, пакуль нарэшце падзеі апошніх гадоў не зрушылі Беларускую Царкву са стану паралюшу. І вось тады жыццё зноў выставіла тую ідэю аўтакефаліі, якую да гэтага часу прыгняталі царкоўныя веянні і плыні, нічога супольнага не маючыя з сапраўднымі інтарэсамі Царквы. Беларускі з’езд, які толькі што закончыўся, увачавідкі паказаў, як глыбока гэтая ідэя прасякла свядомасць япархіі і з якім аднадушшам яна была санкцыянавана ейным саборным розумам – з’ездам. Інакш не магло і быць. У тую пару, калі сувязі, якія раней злучалі царкоўную акругу з вышэйшым адміністрацыйным цэнтрам, ужо аджылі, калі гэтыя сувязі прыносяць ёй не карысць, а шкоду, гэтая акруга павінна шукаць апорнага пункту ў самой сабе, у свабоднай канцэнтрацыі сваіх жывых сіл, і арганізацыі свайго адміністрацыйнага ладу… Каму, нарэшце, не вядомыя некаторыя выразныя факты нашай беларускай гісторыі, якія сведчаць аб наяўнасці ідэі ў свядомасці беларусаў, продкаў нашых, нягледзячы на ўвесь шматвекавы рэлігійны ўціск, пад якім мы жылі…”.

У Менску ў 1927 годзе быў апрацаваны і апублікаваны друкам Статут самастойнай Беларускай Царквы пад назвай: “Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква – Статут Саюзу Праваслаўных старацаркоўных абшчынаў у сваім агуле складаючых Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву”.

29 ліпеня 1937 года ўначы бальшавікі зрабілі апошні пагром духавенства ў Беларусі. Цяпер было арыштавана ўсё яшчэ ацалелае духавенства ў Менску, ва ўсіх іншых гарадах і сельскіх прыходах Беларусі. А ўсе да апошняй цэрквы былі зачынены. Маёмасць духавенства была сканфіскаваная. Япіскап Бабруйскі Філарэт памёр у турме. Япіскап Мазырскі Ян быў адпраўлены ў лагер, дзе памёр. Арыштаваны япіскап Слуцкі Мікалай памёр у турме. Падобны лёс напаткаў рэшту арыштаваных духавенства і вернікаў. Ад 1937 года ва Ўсходняй Беларусі не было ніводнай дзейнай праваслаўнай царквы, ніводнага духаўніка. Рэлігійна-царкоўнае жыццё было поўнасцю задушана. Бальшавікі знішчылі 2500 праваслаўных цэркваў, 23 манастыры і каля 2000 асоб духавенства ва Ўсходняй Беларусі.

Але знішчыўшы крывавым тэрорам царкоўныя арганізацыі, бальшавікі не змаглі выкараніць аснову веры з душаў людзей. Рэштка святароў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы перайшла ў падполле і працягвала служэнне Богу і беларускаму народу. На вялікі жаль не захавалася поўнага спісу святароў і актывістаў БАПЦ, якія служылі ў цяжкіх умовах перадваеннага падполля, таму вымушаны прывесці толькі некаторыя вядомыя імёны. Святары Антон Севярын, Фёдар Альхімовіч, Рыгор Мядзьведзяў, Мікалай Сяўрук, Іван Савіцкі, а таксама актывісты Зміцер Маеўскі, Іван Свірскі і скарбнік БАПЦ, давераная асоба япіскапа Філарэта Бабруйскага Раман Сокур.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы